Цікавае пра беларускіх пісьменнікаў

Печать
“Шэўрале” для паэта

Адкуль у Янкі Купалы з’явіўся аўтамабіль, які сёння каштуе больш за сто тысяч еўра?

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы можна знайсці шмат экспанатаў: дзённікі, рукапісы, зборнікі, уласныя рэчы паэта. Сярод іх ёсць, нават, аўтамабіль “шэўрале”! Праўда, знаходзіцца “жалезны конь” (а можна сказаць і “залаты”, бо каштуе рарытэт не менш за сто тысяч еўра) не ў мінскім музеі, а ў яго філіяле - у Ляўках Аршанскага раёна. У сталіцу машыну прывозяць толькі для часовага экспанавання.

Давялося аднойчы падзівіцца на купалавага “каня”. Бліскучы, адпаліраваны... Нават уявіць цяжка, што машыне аж 80 гадоў!

У Янкі Купалы гэта машына з’явілася ў 1939 годзе, - расказала вучоны сакратар музея Ала Дражына. - Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка замяніў ёю раней падораную паэту савецкую “эмку”. Менавіта на “шэўрале” Купала ў чэрвені 1941 года пакінуў палаючы Мінск, пераехаў спачатку ў Ляўкі, потым у Маскву, а пазней рушыў у эвакуацыю ў кірунку Казані.

Пасля смерці паэта ў 1942 годзе машына перайшла ва ўласнасць яго жонкі Уладзіславы Луцэвіч. Праз восем гадоў яна перадала яе Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы.

Аўтамабіляў Chevrolet GA Master DeLuxe сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы. Толькі адзін з іх трапіў у Беларусь. І дастаўся, менавіта, Купалу.