100 год з дня нараджэння Аляксея Пысіна

Печать

" Хачу абноўленай і чыстай аддаць людзям любоў сваю..."

Плаўна круціцца наша планета
Пад наведзеным промнем касым.
Усё, што пройдзена,
Усё, што прапета, –
У вітку засталося зямным.

                                 Аляксей Пысін

 

     22 сакавіка 2020 года – знамянальная дата ў Беларусі. Літаратурная грамадскасць Магілева і Магілёўшчыны ўшаноўваюць імя беларускага паэта-земляка Аляксея Васільевіча Пысіна. Аляксею Пысіну споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння.
     Нарадзіўся Аляксей Васільевіч Пысін у в. Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Прайшоў Вялікую Айчынную вайну з першага і да апошняга яе дня, двойчы быў паранены. Быў таленавітым журналістам, многа год працаваў у абласной газеце “Магілёўская праўда”. З 1974 года ўзначальваў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
     Усё сваё жыццё ён быў сапраўдным сынам сваёй зямлі і свайго народа. Лёс і паэзія гэтага чалавека апалена агнём вайны, але ў яго вершах – бязмежная любоў да жыцця і сваёй Радзімы – Магілёўшчыны. Аляксей Васільевіч яшчэ пры жыцці стаў знакамітасцю, пра яго гавораць: “Як Быкаў у прозе”.
     У Магілёве Пысін напісаў, за выключэннем зборніка “Наш дзень”, усе свае кніжкі, а іх аж за два дзесяткі.
У нашым горадзе ў поўную сілу праявілася майстэрства творцы Пысіна. Тут ён чэрпаў сюжэты для сваіх вершаў. Нярэдка яны прысвечаны магілёўцам, гораду. Напрыклад, “Магілёўскія дзяўчаты”, “Першамайская вуліца”, “Любуж”, “Магілёўская гаворка”, “У тралейбуса кароткі сон…”, “Пячэрскі парк”, “У смузе над поймай Дняпроўскай…”, “Дзявочы халадок бярозы…”, “З самай раніцы абход пачне, і па Віленскай і Падніколлі…”, “Нямыя”, “Заспявай, мой дружа, заспявай…”.
      Дакран
уцца да лірыкі А.Пысіна вучні гімназіі-каледжа змогуць наведаўшы выставу, прысвечаную пісьменніку, у кабінеце беларускай мовы і літаратуры.

           Магілёўскі шоўк

За Масквою, у тылу глыбокім,
За поўсвета ад Дняпра – ракі,
Сцяг гвардзейскі магілёўскім шоўкам
Вышывалі рускія жанкі.
Нібы вытканы з зарніц, з маланак,
Ён над намі ярка палымнеў.
За Радзіму ў цяжкі бой вяла нас
Дружба наша і народны гнеў.
І жывы Ільіч глядзеў са сцяга,
Пад якім на захад полк ішоў.
Прашумеў над сценамі рэйхстага
Славай гучнай магілёўскі шоўк.
Кожны, хто пад гэтым сцягам стане, 
Будзе непахісным змагаром,
Бо Радзімы частка ў сцяг заткана –
Тваё імя,
Горад над Дняпром.
Май, 1947 г.  Алексей Пысин