Адзіны дзень беларускага маўлення

Печать
“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі” – пісаў яшчэ ў ХІХ стагоддзі класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. На жаль, актуальным гэты заклік застаецца і для нас, беларусаў ХХІ стагоддзя.

Таму ў 2019/2020 навучальным годзе кожны чацвер будзе адзіным днём беларускага маўлення.

У гэты дзень у нашай гімназіі - каледжы будуць праводзіцца разнастайныя гульні, конкурсы і віктарыны, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы. Мы не заклікаем вас адразу перайсці на беларускую мову. Не патрабуем размаўляць на беларускай мове цэлы дзень. Як рака пачынаецца з крыніцы, так і вы, калі ласка, пачніце з малога: прыміце ўдзел у акцыі ці конкурсе, павітайцеся па-беларуску, скажыце “дзякуй” за тое добрае, што зробяць вам у гэты дзень.

І гэтае “дзякуй”, паверце, гулкім рэхам адгукнецца ў стагоддзях беларускай гісторыі і шчырым “калі ласка” прагучыць у вуснах нашых нашчадкаў.

І хацелася б, каб не толькі ў гэты дзень, але і ў кожныя днi, вучні гімназіі-каледжа маглі далучыцца да слоў сучаснай паэтэсы Лідзіі Полазавай:

Вы паслухайце родную мову:
Жаўруковаю песняй звініць…
Колькі фарбаў, адценняў у слове!
Як пявуча ліецца-гучыць!
…Веру, мова мая – будзе жыць!

 Намеснiк  дырэктара па вучэбнай рабоце I.У. Марозава