Семінар настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры

Печать

Сто гадоў шукаў другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды, калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.

 Яўгенія Янішчыц

11 сакавіка 2021 года на базе ўстановы адукацыі “Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгенія Глебава” з удзелам дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №9 г.Магілёва” прайшло пасяджэнне пастаяннага семінара настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры горада Магілёва. Тэма пасяджэння: “Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі: з вопыту работы па правядзенні адзіных дзён беларускага маўлення”.

Настаўнікі гімназіі-каледжа і сярэдняй школы №9 пазнаёмілі прысутных са сваімі набыткамі па папулярызацыі беларускай мовы, падтрымцы нацыянальных традыцый і народнай спадчыны, расказалі пра сістэму работы ў гэтым накірунку. Семінар пачаўся экскурсіяй у музей гімназіі-каледжа, дзе навучэнкі ІІІ курса пазнаёмілі гасцей са 100-гадовай гісторыяй навучальнай установы, цікавымі звесткамі пра славутых выпускнікоў і выкладчыкаў, багатай спадчынай, якую пакінулі нам былыя пакаленні і якую навучэнцы гімназіі-каледжа працягваюць назапашваць сваімі шматлікімі дасягненнямі і высокімі ўзнагародамі.

Наступнай старонкай семінара быў вучэбна-метадычны блок, на якім настаўнікі беларускай мовы падзяліліся сваім вопытам работы па правядзенні адзіных дзён беларускага маўлення, па папулярызацыі роднага слова, фарміраванні ў вучняў нацыянальнай свядомасці, погляду на нацыянальную культуру як духоўную каштоўнасць народа.

У гэты Масленічны тыдзень не абышліся без пачастункаў. Сапраўдным падарункам для наведвальнікаў семінара стала гульня “Чароўны блін”, на якой дзеці спявалі песні-вяснянкі, расказвалі пра народны беларускі абрад гукання вясны, частавалі гасцей блінамі. Не абышлося і без падарункаў. Для гасцей вучнямі быў зроблены стылізаваны сувенір-сонейка як сімвал Масленіцы – традыцыйнага свята беларусаў.

Яркай, рознакаляровай, цікавай старонкай мерапрыемства стала літаратурна-музычная кампазіцыя “Малюнкі роднага краю”, у якой вучні гімназіі-каледжа расказалі пра знакамітыя мясціны і славутых жыхароў горада Магілёва. У канцэрце прагучалі як класічныя кампазіцыі беларускіх аўтараў, так і творы народнага мастацтва, а вучні харэаграфічнага аддзялення выканалі беларускі народны танец “Лявоніха”.

Разнастайныя мерапрыемствы і сістэмнасць работы па далучэнні вучняў да роднага слова і нацыянальнай культуры, выхаванні сапраўдных грамадзян, неабыякавых да лёсу сваёй краіны, патрыётаў, якія б пачалі адчуваць сябе неад’емнай часткай Бацькаўшчыны, прыносяць свае плады. Дзеці з вялікім задавальненнем прымаюць актыўны ўдзел у розных гарадскіх і абласных творчых конкурсах, не цураюцца і ахвотна вывучаюць родную мову, многія выказваюць жаданне гаварыць на ёй.