Папулярызацыя беларускай мовы
22.02.2019
Міжнародны дзень роднай мовы прайшоў у гімназіі-каледжы вельмі насычана. Целеш Анастасія (9Б клас) падрыхтавала да свята насценную газету, прысвечаную гэтаму святу. Газета сустракала вучняў у фае корпуса № 2, яна знаёміла з гісторыяй свята, а таксама змяшчала выказванні выдатных дзеячоў (Ф. Багушэвіча, В.Ластоўскага, А.Ставера) пра родную мову, якія сталі крылатымі.
Аматары беларускай мовы (а іх назбіралася 72) у гэты дзень прымалі ўдзел у Рэспубліканскай гульні-конкурсу “Буслік-2019”. Будзем з нецярпеннем чакаць вынікаў конкурсу і прызоў!
Дзявятыя класы наведалі Магілёўскую абласную бібліятэку імя Леніна, дзе прынялі ўдзел у літаратурным марафоне “Песня роднай зямлі” з удзелам магілёўскіх пісьменнікаў, а таксама паўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні “З родным словам круглы год”. Найбольш актыўныя (Целеш Анастасія, Малхасян Марына, Аксёнава Ксенія) атрымалі памятныя падарункі.
Для малодшых школьнікаў выхавальнік ГПД Аўтушэнка Э.Д. падрыхтавала ток-шоу “Гімн роднай мове” і акцыю “Мае любімыя словы”.
Дабравольская І.В.
21 лютага ў 1В класе прайшло ток-шоу “Гімн роднай мове” і акцыя “Мае любімыя беларускія словы”, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы



22.02.2019


Арганізатары свята правялі інтэрактыў “Скарбонка роднай мовы”. Дзеці вельмі актыўна ўдзельнічалі: тлумачылі прыказкі, слухалі беларускую казку, спявалі народныя песні і танцавалі, а напрыканцы мерапрыемства ўсе разам вучылі “10 запаведзяў” .
10 запаведзяў:
Мову родную беражы.
Мовай роднаю даражы.
Мову родную шануй.
Мовай роднай не гандлюй.
Мову родную любі.
Мовы роднай не кідай.
Мову дзецям перадай.
Мовы не аддай на здзек.
Толькі з ёю жыцця век.
Віктар Швед
Свята атрымалася! Яно было вясёлым, цікавым і вельмі карысным для вучняў і іх бацькоў!Э.Д.Аўтушэнка
Фотографии смотрите в фотоальбоме
Напярэдадні Дня роднай мовы, 20 лютага, навучэнцы 7-ых і 8-ых класаў наведалі бібліятэку імя У.І. Леніна. Ім была прадстаўлена пазнавальная гадзіна "Малюнкі лёсу: арнамент у жыцці беларусаў". Навучэнцаў пазнаёмілі з беларускімі сімваламі, іх значэннямі, расказалі пра гісторыю арнамента. Акрамя таго, дзеці прынялі ўдзел у віктарынах "На чым іграе музыка...", "Працягні песню", наведалі алею магілёўскіх дыялектаў.
14.02.2019
14 лютага ў 1В класе прайшло "Віртуальнае падарожжа па малой Радзіме". Вучняў чакала адкрыццё новых невядомых старонак багатай гісторыі і культуры Магілёўшчыны. Яны знаёміліся са старажытнымі легендамі і паданнямі краю, маляўнічымі краявідамі, а таксама значнымі асобамі, якія ўслаўляюць нашу выдатную зямлю. Дзеці ўзбагачалі свой беларускі слоўнік, знаёміліся з вырабамі народнай творчасці, беларускімі народнымі песнямі і танцамі. З дапамогай настаўніцы вучні даведаліся пра гістарычнае мінулае і сённяшняе жыццё сваёй малой Радзімы.
07.02.2019
7 лютага ў 5-ых класах прайшоў конкурс на лепшага чытальніка вершаў і празаічных урыўкаў пра нашу малую радзіму. Загадзя вучням было прапанавана знайсці вершы, пры дапамозе настаўніка навучыцца выразна іх чытаць і вывучыць на памяць. Урэшце прагучалі творы як беларускіх класікаў, так і сучасных пісьменнікаў. 1-е месца заняла Астанковіч Ульяна (5 “А” клас, верш Г. Лазюк “Васільковы мой край”), 2-е месца – Навумчык Кіра (5 “А” клас, верш А.Пысіна “Першамайская вуліца”), 3-е месца – Васараўдзіс Марыя (5 “А” клас, верш А. Пысіна “Магілёўская шаша”), на 4-ым месцы – дзяўчаты з 5 “Б” класа Дашкевіч Лізавета і Грынкевіч Марыя з вершам А.Пысіна “Балада Буйніцкага поля”.
Вялікая падзяка ўсім, хто ўдзельнічаў у конкурсе, не застаўся абыякавы да роднай мовы і сваёй малой радзімы!
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Дабравольская І.В.
01.02.2019
Набліжаецца 21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта яшчэ адна нагода, каб кожнаму беларусу задумацца аб лёсе нашай мовы, аб бясцэннай спадчыне, што засталася нам ад прадзедаў, аб багацці, якім мы, беларусы, павінны валодаць ужо толькі таму, што нарадзіліся і жывём на Беларусі.
31 студзеня ў беларускі чацвер у 1В класе было прапанавана выканаць віншаванку да Міжнароднага дня роднай мовы. Вучні з вялікай асалодай чыталі па-беларуску, выказвалі ўласнае стаўленне да роднага слова, а таксама пазнаёміліся з новым відам малявання – тэхнікай двайнога мазка ( калі на пэндзаль набіраецца фарба 2-х колераў, а потым адным штуршком малююцца лісцікі, кветачкі, жывёлы). Вельмі цікава і незвычайна! Дзеці не толькі малявалі віншаванку, але і размаўлялі на роднай мове!
Э.Д.Аўтушэнка
25.01.2019
24 студзеня гімназію-каледж наведалі супрацоўнікі Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна. Для сямікласнікаў яны падрыхтавалі прэзентацыю, прысвечаную Году малой радзімы, «Таленты ад роднай зямлі», у якой былі прадстаўлены знакамітыя дзеячы Беларусі, ураджэнцы Магілёўшчыны.
Магілёўшчына спрадвеку славіцца песеннасцю, яна стала радзімай для многіх таленавітых празаікаў і паэтаў. Вучні з цікавасцю паслухалі лекцыю пра класікаў беларускай літаратуры: В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Абуховіча, М. Гарэцкага, А. Куляшова, І. Чыгрынава, А. Пысіна, вядомых літаратуразнаўцаў – І. Насовіча, Ф. Янкоўскага.
Кожная такая сустрэча - цікавая і змястоўная для вучняў, спадзяемся на хуткую новую сустрэчу з бібліятэкай!
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дабравольская І.В.
24.01.2019
24 студзеня вучні дзявятых класаў і 1 курса атрымалі сапраўдны ўрок патрыятызму, наведаўшы Магілёўскі абласны тэатр лялек. Спектакль галоўнага рэжысёра тэатра Ігара Казакова “Сіняя-сіняя” не раз атрымоўваў самую высокую адзнаку падчас “Март-кантакту” ў мінулым годзе. П’еса адрасавана дарослай аўдыторыі. Яна прымушае задумацца аб сваім месцы ў жыцці, любві да радзімы, супярэчлівасці абставін. Галоўную ролю ў монаспектаклі выконвае таленавіты майстар сцэны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Сцешыц.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дабравольская І.В.
18.01.2019
17 студзеня навучэнцы 1А класа наведалі «Беларускую хатку» ў Магілёўскім гарадскім Доме культуры. Дзеці пазнаёміліся з прадметамі побыту, даведаліся, чаму кут з іконамі называлі чырвоным, дзе знаходзіўся «бабін кут», пазнаёміліся са звычаямі і традыцыямі беларускага народа, пагулялі ў беларускія гульні. Шчаслівыя і поўныя ўражанняў дзеці не хацелі пакідаць «Беларускую хатку» з яе ветлівай гаспадыняй.
Настаўнік Трыхмінава Н.П.
18.01.2019
У рамках папулярызацыі беларускай мовы 18 студзеня 2019 г. навучэнцы 6-ых класаў наведалі тэатр-батлейку ў Магілёўскім абласным мастацкмі музеі імя П.В. Масленікава. Шасцікласнікі ўпершыню ўбачылі сапраўдную батлейку, паслухалі гісторыю яе стварэння, даведаліся пра дзіўны лёс Магілёўскай батлейкі. Дзецям была нададзена магчымасць убачыць "Цара Ірада" і тры мініяцюры. Пакідалі гасцінны тэатр з узнятым настроем.
Еще статьи...
- Сустрэча са старшынёй Магілёўскага ТБМ Дзьячковым А.У.
- Падарожжа "Скарбы беларускага краю"
- "Беларускія прысмакі"
- "Колеры года. Зіма" ў 2А класе
- Майстар-клас «Захаваем традыцыі. Беларуская народная лялька-абярэг»
- Тэатралізаваная казка "Калабок" у 1В класе
- Віктарына «Пазнай твор па першых радках”
- "Беларус i беларусачка" ў 1Б класе
- Акцыя «Мультфільмы на беларускай мове»
- Маці, мамачка, матуля!